Рэйтынг:
 (галасоў: 0)

Ваўкавыскі гей падаў у суд з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці "паляўнічых на геяў"

Ваўкавыскі гей падаў у суд з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці

Віталь Гуляк з горада Ваўкавыска Гродзенскай вобласці спрабуе прыцягнуць да адказнасці сталічную гамафобную групоўку. 27 ліпеня ў Мінску на яго напалі, калі ён прыехаў на сустрэчу з хлопцам, з якім пазнаёміліся ў сацыяльных сетках. Акаўнт аказаўся несапраўдным, а Віталя сустрэлі здаровыя хлопцы. Над Віталём здзекваліся з-за ягонай гомасэксуальнасці і білі па твары.

Гуляк напісаў заяву ў міліцыю, цяпер праверка завяршылася — у завядзенні крымінальнай справы адмоўлена. Міліцыянты ўстанавілі асобы чатырох чалавек, з тых, хто нападаў (па словах пацярпелага, іх было значна больш), гэта Чугнадзэ Аляксей Міхайлавіч (па ім распачата адміністрацыйная справа), Сцяпанаў Дзмітрый Ігаравіч, Грыневіч Сяргей Казіміравіч і Барадзін Аляксандр Юр’евіч.

Яны далі тлумачэнні, што «канфлікт узнік з-за нетрадыцыйнай арыентацыі Гуляка».

12 верасня Віталь Гуляк прыехаў у Мінск, каб азнаёміцца з вынікамі праверкі і прычынамі адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на напаўшых на яго сярод белага дня.

Па выніках праверкі толькі аднаго з маладых людзей, Чугнадзэ Аляксея Міхайлавіча, прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці — па артыкуле 9.1 КаАП РБ «Наўмыснае нанясенне цялеснага пашкоджання». А гэта невялікая адказнасць — штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў альбо адміністрацыйны арышт.

Можна меркаваць, што ў выпадку, калі б у Віталя не былі выяўлены цялесныя пашкоджанні, то, фактычна, ніхто б не быў прыцягнуты да адказнасці і факт агрэсіўных паводзінаў да пацярпелага выглядаў бы цалкам законна”, - выказала сваё меркаванне намесніца старшыні праваабарончага праекта “ГейБеларусь” Наталля Манькоўская.

Віталь Гуляк не задаволены вынікамі праверкі і пры прававой падтрымцы праваабарончага праекта “ГейБеларусь” і Беларускага Хельсінкскага Камітэта 13 верасня падаў заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы прыватнага абвінавачвання да ўсіх устаноўленых праверкай асобаў (Чугнадзэ Аляксей Міхайлавіч, Сцяпанаў Дзмітрый Ігаравіч, Грыневіч Сяргей Казіміравіч і Барадзін Аляксандр Юр’евіч) у Суд Фрунзенскага раёна горада Мінска па арт. 179.1 КК РБ (Незаконнае збіранне або распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці) і 189.2 КК РБ (Абраза).

Аўтар артыкулу: ГейБеларусь