Рэйтынг:
 (галасоў: 4)

Усе акцыі супраць гамафобіі, якія планавалася правесці 17 траўня, забаронены Мінгарвыканкамам

Усе акцыі супраць гамафобіі, якія планавалася правесці 17 траўня, забаронены Мінгарвыканкамам

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт не дазволіў праводзіць 17 мая пікет ля Партыі БНФ, а таксама пікеты ЛГБТ-актывістаў на Нямізе і на плошчы Бангалор. Заяўнікі акцый будуць абскарджваць рашэнні Мінгарвыканкама ў судзе.

16 красавіка старшынёй праваабарончага праекта “ГейБеларусь” Сяргеем Андросенка і членам Партыі “Беларускі Народны Фронт” з Маладзечна Валянцінам Цішко, які таксама з’яўляецца адкрытым геем, была накіравана заяўка ў Мінгарвыканкам на правядзенне пікету «Прывітанне Аляксандру Стральцову ад геяў і лесбіянак, і іх сяброў!» за 50 метраў ад уваходу ў офіс Партыі БНФ. Грамадскія актывісты хацелі выказаць пратэст у сувязі з гамафобнымі выказваннямі намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксандра Стральцова і ягонымі заклікамі да дыскрымінацыі сэксуальных і гендарных меншасцяў у Беларусі.

Мэтай плануемых пікетаў на Нямізе і на плошчы Бангалор было інфармаванне аб Міжнародным дні супрацьдзеяння гамафобіі і трансфобіі, які адзначаецца штогод 17 траўня ў сувязі з тым, што 17 мая 1990 года гомасэксуальнасць была выключана з Міжнароднай класіфікацыі хвароб. Заяўнікамі пікетаў былі актывісты праваабарончага праекта “ГейБеларусь” Аляксей Кулік і Наста Долюшка.

Акцыю на плошчы Бангалор 17 траўня забаранілі на той падставе, што ў гэты дзень у парку Дружбы народаў, паводле інфармацыі адміністрацыі Савецкага раёна горада Мінска, будзе праводзіцца рамонт малых архітэктурных форм, цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі і касьба зялёных насаджэнняў.

Пікет на адлегласці больш за 50 метраў ад увахода ў офіс Партыі БНФ з агульнай колькасцю ўдзельнікаў да 15 чалавек не дазволілі “ў адпаведнасці з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб массавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”: правядзенне масавых мерапрыемстваў не дазваляецца на адлегласці меньш за 50 метраў ад тэрыторыі мясцовых распарадчых і выканаўчых органаў”.

Пікет з 10 чалавек на Нямізе, на думку сталічных улад, будзе перашкаджаць функцыянаванню ўстаноў.

Гамафобія – гэта тое, што глыбока яднае апазіцыю і ўладу. Першыя заклікаюць да гвалту і дыскрымінацыі ў адносінах да ЛГБТ-супольнасці, а другія дыскрымінуюць і забараняюць любыя акцыі ЛГБТ-супольнасці”, - каментуе забарону акцый старшыня праваабарончага праекта “ГейБеларусь” Сяргей Андросенка.

Аўтар артыкулу: ГейБеларусь