Рэйтынг:
 (галасоў: 1)

У выходныя ў Мінску і Віцебску міліцыя ўчыніла аблавы на клубы, дзе збіраліся прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці

У выходныя ў Мінску і Віцебску міліцыя ўчыніла аблавы на клубы, дзе збіраліся прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці

Як распавёў БелаПАН старшыня арганізацыі «Гей-Беларусь» Сяргей Андросенка, першы інцыдэнт адбыўся ў ноч з пятніцы на суботу ў мінскім клубе «6А». Міліцыя ўварвалася ў клуб, заблакіравала выхад і перапісала дадзеныя ўсіх, хто знаходзіўся там.

«У клубе тады знаходзілася каля 100 чалавек, — паведаміў Сяргей Андросенка. — А палове на другую ночы да клуба пад’ехаў аўтобус, у якім знаходзілася каля 10 міліцыяннераў, частка з іх была ў цывільным, частка — у форме. Выхад яны заблакіравалі. Калі мы запыталі, што адбываецца, нам адказалі, што міліцыя шукае злачынцу, які збег з калоніі. Яны ўсім паказвалі фотаробат гэтага злачынца, які нібыта ўцёк. І пры гэтым перапісалі дадзеныя ўсіх удзельнікаў вечарыны, а таксама ва ўсіх запытваліся, што яны робяць у клубе».

Прэс-сакратар ГУУС Менскага гарвыканкама Аляксандар Ластоўскі ніяк не змог патлумачыць «Свабодзе» прычыны і вынікі спецаперацыі міліцыі ў гей-клубе.

У ноч з суботы на нядзелю аналагічны выпадак адбыўся ў віцебскім клубе «XXI стагоддзе», паведаміў спадар Андросенка: "Каля адзінаццаці гадзін вечара ў клуб прыехалі два супрацоўніка паставой службы. Яны заявілі, што ведаюць, што ў клубе праходзіць"акцыя сэкс-меншасцяў", дзесьці гадзіну яны сачылі за тым, хто прыходзіць у клуб, уважліва ўсіх разглядалі ... Праз паўгадзіны пасля таго, як яны сышлі, у клуб забеглі супрацоўнікі міліцыі і спецназу. Яны адразу загадалі ўсім стаць да сценак: хлопцы з аднаго боку, дзяўчыны — з другога. Яны перапісвалі дадзеныя ўсіх, хто знаходзіўся ў клубе, патрабавалі ў кожнага назваць месца жыхарства і месца працы, а таксама здымалі ўсіх на відэакамеру. Варта заўважыць, што з хлопцамі абыходзіліся даволі груба".

Як і ў першым выпадку, высветліць, з чым звязана «аблава» не атрымалася. Прэс-сакратар віцебскай управы міліцыі Андрэй Семяніхін таксама нічога не змог сказаць аб матывах і выніках аблавы на гей-вечарынку.

«Розным людзям яны адказвалі рознае: то казалі, што ад наркакантролю паступіла скарга на тое, што ў клубе распаўсюджваецца марыхуана, тое, што міліцыя шукае ўхілістаў, — дадаў Андросенка. — Часта груба адказвалі, што калі нешта не падабаецца, то цяпер усіх адвязуць у адзяленьне міліцыі».

Паводле спадара Андросенкі «Гей-Беларусь» рыхтуе скаргі ў ГУУС Менска і Віцебска раёнаў на грубыя дзеянні міліцыі і адмову прадставіцца на патрабаванне грамадзян.
 

Аўтар артыкулу: Svaboda.org

Паводле Svaboda.org