Рэйтынг:
 (галасоў: 0)

Гомасэксуал з Гродна падаў скаргу ў Пракуратуру на збіццё міліцыяй

Гомасэксуал з Гродна падаў скаргу ў Пракуратуру на збіццё міліцыяй

6 лютага ў Гродна двое міліцыянераў затрымалі Ігара Ціханюка, адвезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна і пабілі. Просьбу Ігара паказаць пасведчанні і растлумачыць прычыну яго затрымання супрацоўнікі праваахоўных органаў праігнаравалі.

“Прыехалі міліцыянеры ў цывільным і забралі мяне літаральна з бальнічнага ложку, - распавядае малады чалавек, які знаходзіўся ў той момант на лячэнні ў шпіталі. – Яны завезлі мяне ў аддзяленне, завялі на трэці паверх ў пакой і сышлі”.

У кабінеце знаходзіліся іншыя супрацоўнікі міліцыі. Яны канфіскавалі асабістыя рэчы Ігара і не занеслі іх у пратакол. Пасля пачалі біць хлопца і задаваць пытанні інтымнага характару аб яго прыватным жыцці, выкарыстоўваючы абразлівыя выказванні ў яго адрас.

“Яны здзекаваліся на да мною, называлі “підарасам” і рознай не цэнзурнай лаянкай. Ударылі мяне каленам у грудзі, з-за чаго я ўпаў на падлогу. Таксама білі па галаве і іншых частках цела, - кажа Ігар. – Адзін з супрацоўнікаў пачаў капацца ў маім мабільным тэлефоне, глядзець фотаздымкі і паказваць іх іншым супрацоўнікам”.

Затрыманне доўжылася з 14 да 15 гадзін. На працягу гэтага часу ў пакой прыходзілі розныя мілыцыянеры. Пацярпелы налічыў 12 супрацоўнікаў, што ўдзельнічалі ў працэсе яго затрымання.

“Мяне адпусцілі толькі таму, што з бальніцы патэлефанавалі, - лічыць Ігар. – Загадчыца аддзялення скардзілася на тое, што мяне забралі без яе дазволу. Гэтага нельга было рабіць, бо яна нясе адказнасць за маё здароўе пад час майго лячэння”.

Гэта не першае затрыманне Ігара супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Ён не аднойчы пісаў скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Аднак, Ігар па-ранейшаму адчувае сябе неабароненым.

“Гэта можа здарыцца з кожным гомасэксуалам, - мяркуе пацярпелы. - Баішся нават выйсці на вуліцу, бо ведаеш што могуць проста так спыніць цябе і адвезці ва ўчастак, каб паздзеквацца з хлопца, які не такі, як астатнія і не хавае гэтага, бо верыць у словы прэзідэнта, "што ў нашай краіне няма дыскрымінацыі ні па рэлігіёзнай прыкмеце, ні па нейкай іншай".

11 лютага Ігар напісаў заяву ў Пракуратуру Кастрычніцкага раёна горада Гродна. На 8 лістах ён апісаў падрабязна ўсе дэталі абразаў і збіццяў, а таксама прама ўказаў сваю сэксуальную арыентацыю і тое, што інцыдэнт ён лічыць дыскрымінацыйным, звязаным з яго гомасэксуальнай арыентацыяй.

Працяглы час Ігар Ціханюк быў актывістам Праваабарончага праекта “ГейБеларусь”. Быў затрыманы на Славянскім гей-прайдзе ў Маскве ў 2009 годзе, на Славянскім гей-прайдзе ў 2010 годзе ў Мінску быў затрыманы ажно на двое сутак, удзельнічаў у Мінскім гей-прайдзе ў 2012 годзе, але тут усе акцыі прайшлі мірна.
 

Аўтар артыкулу: ГейБеларусь