Рэйтынг:
 (галасоў: 4)

Беларускія актывісты арганізавалі назіранне за рэйдамі ў сталічных гей-клубах

Беларускія актывісты арганізавалі назіранне за рэйдамі ў сталічных гей-клубах

У ноч з 8 на 9 лютага сябры і сяброўкі праваабарончага праекта “ГейБеларусь” сумесна з прадстаўнікамі РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і Задзіночання беларускіх студэнтаў арганізавалі назіранне за міліцэскімі рэйдамі ў мінскіх клубах “6_А” і “Каста Дзіва”.

У палове на другую назіральнікі знаходзіліся ў клубе “6_А”, калі да іх паступіў сігнал, што распачаўся рэйд у “Каста Дзіве”. Там перапісвалі пашпартныя дадзеныя наведвальнікаў клуба і задавалі пытанні наконт іх сэксуальнай арыентацыі, удакладнялі, што яны робяць у гэтым клубе, запытвалі, ці ведаюць яны пра клуб “6_А”.

А другой гадзіне праваахоўныя органы завіталі ў “6_А”.

Беларускія актывісты арганізавалі назіранне за рэйдамі ў сталічных гей-клубах

“Міліцыянеры былі ў штацкім. Яны не хацелі прадстаўляцца, а калі паказвалі пасведчанні, то вельмі здалёк. Так што было незраземела, што за асоба, з якога яна аддзялення, не быў бачны нумар пасведчання, - распавядае лідар праваабарончага праекта “ГейБеларусь”. - Адзін з міліцыянераў пракаментаваў гэта тым, што ён не хоча, каб пра яго ведалі, каб пасля прыходзілі да яго дамоў, ці шукалі яго ў сацыяльных сетках. Хаця яго ўласныя жаданні ці не жаданні не з’яўляюцца падставай для парушэння закона аб міліцыі, яго дзейнасць павінна адпавядаць закону і быць адкрытай”.

Беларускія актывісты арганізавалі назіранне за рэйдамі ў сталічных гей-клубах

Міліцыянеры перапісвалі пашпартныя дадзеныя ў большасці наведвальнікаў, але не ва ўсіх. Калі яны падышлі да століка назіральнікаў, то былі вельмі здзіўленыя, што ў іх быў пры сабе Закон аб міліцыі.

Некаторыя назіральнікі адмовіліся паказваць пашпарт супрацоўнікам, што былі апрануты не ў форму і не паказалі свае пасведчанні. Сем чалавек па гэтай прычыне былі дастаўлены ў ГАУС Мінска. Сярод іх былі праваабаронцы з ГейБеларусі – Людміла Волкава, Барыс Сагайдараў, Тома, прадстаўнікі РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Валерыя Саўчанкава і Анастасія Жаўрыд, а таксама лідарка Задзіночання беларускіх студэнтаў Настасся Долюшка. Але нават ў аддзяленні міліцыянеры не назвалі свае прозвішчы і імёны.

“Прадстаўнікі праваахоўных органаў абрадваліся таму, што нарэшце знайшлі некаторых заснавальніц арганізацыі “Лямбда” (Людмілу Волкаву, Настассю Долюшку, Тому), якія дагэтуль адмаўляліся прыходзіць на гутарку ў ГАУС без павесткі, - распавядае Сяргей Андросенка. - Дзяўчыны зноў адмовіліся без павесткі размаўляць на нейкія тэмы, не датычныя высвятлення асобы. З некаторымі з нашых затрыманых міліцыянеры паводзілі сябе груба. На патрабаванні прадставіцца пасылалі, выкарыстоўваючы нецэнзурную лексіку”.

Дзяўчын трымалі не доўга. На працягу гадзіны яны вярнуліся ў клуб.

“Я мяркую, што міліцыя шукае ў клубах непаўнагадовых. Магчыма, яны шукаюць прычыны, па якіх можна было б закрыць клубы, ці абмежаваць час іх працы. Напрыклад, пазбавіць установы начнога рэжыму працы, - лічыць Сяргей Андросенка. – Адначасова міліцыя складае спісы гомасэксуалаў. Аднак, якім чынам яны будуць правяраць гомасэксуальнасць наведвальнікаў – не вядома, таму што ў такіх клубах шмат гетэрасэксуальных наведвальнікаў і наведвальніц”.
 

Аўтар артыкулу: ГейБеларусь